22 кастрычніка праходзіў абласны семінар творчай групы настаўнікаў замежнай мовы Гродзеншчыны, прысвечаны спосабам рэалізацыі сеткавага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу па замежнай мове. Ужо два гады запар педагогаў замежнай мовы з усёй вобласці вітае Свіслацкі раён. Запланаваныя мерапрыемствы праводзіліся на базе гімназіі №1 імя К.Каліноўскага.
Адкрыла семінар Каскевіч І.Т., метадыст вучэбна-метадычнага аддзела Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Яна пажадала ўдзельнікам плённай працы і добрага настрою. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Свіслацкага раёна Чорба В.Ф. паведаміла аб стане і перспектывах развіцця адукацыйнай прасторы Свіслаччыны. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Свіслацкага раёна Бакун Л.І. звярнула ўвагу прысутных на навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу па замежнай мове. Сістэме работы настаўнікаў гімназіі па стварэнні ўмоў для развіцця іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў было прысвечана выступленне Балюк М.Я., намесніка дырэктара гімназіі. Супрун А.П. на фрагменце ўрока ў 11 класе прадэманстравала, як можна інтэнсіфікаваць адукацыйны працэс па замежнай мове, выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурсы і праграмнае забеспячэнне Linco, якім абсталяваны лінгафонны кабінет гімназіі. Прэзентацыю асноўных напрамкаў сеткавай супольнасці настаўнікаў англійскай мовы Свіслацкага раёна падрыхтавала Яскулд Н.В. Магчымасці выкарыстання інтэрактыўнага хола для фарміравання іншамоўнай кампетэнцыі гімназістаў прадставіла Баярчук А.Я. Настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы №3 г.Свіслачы Караткевіч В.М. падрабязна расказаў аб тым, як ён займаецца ўключэннем вучняў у міжкультурныя ішнамоўныя зносіны пры дапамозе інтэрнэт-тэхналогій.
Госці семінара таксама прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні ўсіх пытанняў. Так, настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы №8 г.Ліды Булай І.Б. і Капуста К.П. разглядаюць сеткавае ўзаемадзеянне як сродак прафесійнага самаразвіцця педагога. Сваю сістэму падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды па замежнай мове праз сеткавае ўзаемадзеянне прэзентавала Гаравец В.Л., настаўнік англійскай мовы Гродзенскай гарадской гімназіі.
Падтрымалі добры настрой удзельнікаў семінара і гімназісты сваім нечаканым, але вельмі энергічным і пазітыўным флэш-мобам. Усе педагогі таксама атрымалі невялікія падарункі на памяць аб Свіслацкай зямлі.
Як адзначыла Каскевіч І.Т., метадыст вучэбна-метадычнага аддзела Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, падводзячы вынікі работы семінара, такія сустрэчы ініцыятыўных настаўнікаў замежнай мовы вобласці не толькі садзейнічаюць прафесійнаму росту педагогаў, але і сваёй добразычлівай атмасферай дапамагаюць дасягнуць узаемаразумення, якое неабходна для любых чалавечых зносін.