Главная > Учителю, Опыт работы. Сайт > Рухавік перамен

Рухавік перамен


23-01-2015, 16:20. Разместил: admin
Рухавік перамен Мужчын у сістэме адукацыі не так шмат, але кожны з іх на вагу золата. Як і наш герой Ігар Віктаравіч Якіменка. Ён ужо даўно працуе адміністратарам, але пастаянна павышае свой настаўніцкі прафесіяналізм: не так даўно абараніўся на катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Ён не можа стаяць на месцы, таму ініцыіруе і праводзіць розныя новыя праекты, перабудовы. — На галоўнай старонцы сайта вашай установы адукацыі прачытала радок: “Тут вучыцца кожны рад — віват, Гімназія, віват!” Гэта сапраўды так? Што робіць працэс навучання радасным і цікавым?
— Мы будуем гімназію, у якой пануе дух інтэлекту, асветы, інтэлігентнасці, даследаванняў, творчасці, гуманізму. Мы фарміруем творчую полікультурную асобу, здольную да аналітычнай, самастойнай работы, да прыняцця нетрадыцыйных рашэнняў у жыцці сучаснага грамадства праз устойлівую сістэму асобасна вызначальных і грамадска значных каштоўнасцей. Мы выхоўваем адукаванага, кампетэнтнага, актыўнага, маральнага, здольнага да самарэалізацыі чалавека, прытрымліваючыся педагагічных прынцыпаў даверу, павагі і супрацоўніцтва.
Навучыць можна чалавека, які мае матывацыю да навучання. Паняцце “радасць” у нашым разуменнi — гэта мець асабістае паспяховае месца ў адукацыйным працэсе. Мы ўсміхаемся дзiцяцi, якое ідзе нам насустрач. Тым самым дэманструем, што мы надзейныя, адкрытыя да зносiн “вучань — настаўнiк”. Таму з настаўніцкіх якасцей на першае месца стаўлю добразычлівасць. Калі дзеці будуць адчуваць сябе камфортна ў гiмназii, абароненымі з усiх бакоў, то ў такім выпадку атрымаецца якасны працэс навучання.
— Калі мы загаварылі пра радасць, то хочацца спытаць: а вы самі часта ўсхімаецеся на рабоце?
— (Ігар Віктаравіч усміхаецца і адказвае.) Я, умоўна кажучы, добразычлiвы дырэктар. Магчыма, не гавару гэта штодня, але калі ўзнікаюць пытанні, якія патрабуюць вялікай самааддачы, то пры ўваходзе ў гімназію сам сабе прамаўляю такую фразу: “За гэтым парогам — мая сіла, я заходжу ў гэтыя дзверы і пакідаю ўсе свае праблемы за iмi”. У гэты момант адзначаю для сябе, што ўсмешка — гэта прывiтанне, запрашэнне да размовы, ключык да ўсiх, з кiм давядзецца гутарыць на розных узроўнях і рознымi сродкамi.
— Сайт навучальнай установы — гэта абавязак, прадыктаваны зверху, ці неабходнасць? Якую функцыю ён павінен выконваць?
— Сайт навучальнай установы — гэта магчымасць выкарыстання iнфармацыйнай прасторы, гэта своеасаблівыя дзверы, праз якія можа ўвайсці карыстальнік. Вельмі добра, калі сайт дыферэнцыруе карыстальніка: рэгістрацыя, уваходны пароль. Пры гэтым інфармацыя становіцца абмежаванай. Напрыклад, мы можам паведамiць на сайце, што будзе бацькоўскі сход, але калі хто з бацькоў пажадае выказаць меркаванне пра будучае мерапрыемства, то ён павінен зарэгістравацца. Калі вы сваяк нашага вучня — давайце адкрыта стасавацца, мы ж не хаваемся.
Бацькі маюць права мець уяўленне, у якую навучальную ўстанову яны накiроўваюць на вучобу свайго сына альбо дачку. Нярэдка (пры наборы першакласнікаў) на асабістым прыёме некаторыя бацькі адзначаюць, што прагледзелі сайты розных навучальных устаноў, пасля чаго на сямейнай нарадзе выбралі гімназію № 3. Гэта самая высокая ацэнка работы сайта. Без папярэдняй размовы з кіраўніцтвам школы і настаўнікамі дарослыя праз сайт вызначылi для сябе, што менавiта ў нашай гімназіі iх дзецi атрымаюць патрэбную адукацыю.
Iнфармацыю на сайт размяшчаюць розныя спецыялісты: сакратар, педагог сацыяльны, настаўнік інфарматыкі і намеснік дырэктара. Кожны размяшчае інфармацыю па сваім кірунку дзейнасцi, а настаўнік інфарматыкі напаўняе калонку навін, якую кантралюе і рэдагуе намеснік дырэктара.
— Па якіх крытэрыях школа можа самастойна ацаніць сваю работу?
— Вынікі варта параўноўваць з эталонам. Як павінны выконваць свае абавязкі настаўнікі, дырэктар і гэтак далей — усё распісана ў службовых інструкцыях. Трэба жыць у рамках гэтых крытэрыяў і нічога не выдумляць.
Настаўнік павінен прадаставіць магчымасць кожнаму вучню атрымаць 10 балаў на ўроку: у нечым дапамагчы, дзесьцi патрабаваць, прыцягнуць да пазакласнай работы па прадмеце, прапанаваць элементы дыстанцыйнага навучання. У канцы разам атрымаць вынiк — быць задаволеным сабой i вучнямi, зафiксаваць вынiк сваёй работы публiкацыяй у перыядычным выданнi.
— Вялiкая нагрузка па рабоце з дакументамі, напэўна, у кіраўніцтва ўстановы, а таксама ў псіхолагаў, сацыяльных работнікаў, класных кіраўнікоў. Настаўнікі-прадметнікі не так і патанаюць у паперах?
— Дакументаабарот вызначаны наменклатурай спраў. А размовы пра “неўласцівыя функцыі” педагогаў ужо замусіравалі. Нельга гаварыць, што ўсё трэба выключыць, але нешта варта змяніць. Функцыі агульнаадукацыйнай установы прапісаны ў яе назве — установа адукацыі. І найпершы абавязак настаўніка — вучыць дзяцей.
— Калі вы ўзначалілі гімназію, не было жадання зрабіць такую ўстанову адукацыі, каб жыхары Магілёва асацыіравалі яе з вашым імем, а не проста з лічбай 3?
— Не! Візітная картка гімназіі № 3 — гэта ўжо брэнд. Нашай установе адукацыі сёлета споўнілася 225 гадоў. 15 верасня мы святкуем дзень нараджэння. Вучэбны працэс ва ўстанове не спыняўся з 1789 года, нават у ваеннае ліхалецце. Менавіта ў нашай на той час мужчынскай класічнай гімназіі з’явілася першая публічная бібліятэка ў горадзе. Гэта быў цэнтр культуры, гісторыі, мовы. Таму імя гімназіі і не трэба.
Мы захоўваем лінгвістычны кірунак. Трэба падтрымліваць і развіваць тое, што ўжо ёсць. Мы даём магчымасць дзецям вывучаць англійскую, французскую, нямецкую, італьянскую мову. Спрабуем асвойваць кітайскую. У нас ёсць настаўнік іспанскай мовы, і ў мінулым годзе наша вучаніца стала прызёрам рэспубліканскай алімпіяды па ёй. Вось імідж установы адукацыі, і дзеля гэтага прыходзяць да нас вучыцца. У нас працуюць па тры пакаленні настаўнікаў. 14 працэнтаў педагогаў — нашы выпускнікі.
— Вы адчуваеце сябе паўнацэнным гаспадаром гімназіі?
— Гаспадар — гэта ўласнік, які валодае маёмасцю, сам зарабляе на сваю гаспадарку. Ёсць такое паняцце “кіраўнік спраў” — гэта асоба, якая вядзе справы якой-небудзь установы, прадпрыемства. Я — кіраўнік спраў, які адчувае, што правільна выконвае сваю работу. Ганаруся тым, што мне даручана кіраваць такой вялікай навучальнай установай, са слаўнай гісторыяй, вопытным калектывам. Гiмназiя фінансуецца з бюджэту, прэміі і іншыя надбаўкі вызначаюцца калектыўным дагаворам, дадатковыя сродкi — вынiк пазабюджэтнай дзейнасцi.
— Калі сталі дырэктарам школы, не давялося сесці за падручнікі па маркетынгу, фінансах? Як вы лічыце, ці трэба ў педагагічных УВА рыхтаваць будучых кіраўнікоў-менеджараў?
— Памятаеце, як у фільме “Белае сонца пустыні” Гюльчатай пытаецца ў Сухава, колькі ў яго жонак, і шчыра здзіўляецца яго адказу? Толькі адна і шые, і гатуе, і дзяцей выхоўвае… Так і дырэктар школы адзін за ўсе такія розныя кірункі адказвае — вучэбны, выхаваўчы працэс, iдэалагiчную работу, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне.
На першае месца стаўлю педагагічны і метадычны складнікі, бо лічу іх самымі важнымі. З гэтым мне было прасцей, бо я ж па адукацыі настаўнік. Што тычыцца іншых гаспадарчых пытанняў, то даводзілася вучыцца ў працэсе. І кніжка тут мала чаму дапамагла б. Выратавальнай палачкай для мяне быў званок практыкуючаму вопытнаму дырэктару. На працягу першага года работы дырэктарам гэта была дырэктар сталічнай 23-й гімназіі Ніна Іванаўна Нікіціна. Я вельмі ўдзячны ёй за падтрымку.
Дарэчы, некалькі разоў на розных узроўнях прапаноўваў такую ідэю: пасля другога курса з усіх студэнтаў педагагічнай УВА выбіраць лідараў, здольных да кіраўніцкай дзейнасці, і рыхтаваць з іх менеджараў адукацыі для адмiнiстрацыйнай работы.
— Што, на вашу думку, знiжае аўтарытэт настаўніцтва ў вачах грамадскасці?
— Сёння настаўнік больш не з’яўляецца эксклюзіўным уладальнікам ведаў. Кожны вучань або дарослы за хвіліну можа знайсці ў інтэрнэце адказ на любое пытанне. І часта вучань можа ведаць больш за самога настаўніка. Для таго каб настаўнік меў аўтарытэт у дзяцей, ён павінен вучыцца быць сучасным: ведаць дзіцячы слэнг, крыніцы, адкуль яны чэрпаюць інфармацыю, сацыяльныя сеткі, праз якія яны ладзяць зносіны. Пры гэтым настаўнiк не мае права быць прафесiйна некампетэнтным, неарганiзаваным, неабавязковым, нестаранным.
А адміністрацыя павінна абараніць настаўніка ад усяго, што не тычыцца працэсу навучання i выхавання.
— Вы сваіх настаўнікаў прымушаеце падпісвацца і чытаць прафесійныя СМІ, у прыватнасці “Настаўніцкую газету”? Самі якія выданні чытаеце, што выпісваеце?
— Няма нічога прасцей, чым сфармуляваць пытанне з ключавым словам “прымушаеце”. Больш складана растлумачыць, чаму прафесiянал вызначае для сябе магчымасць ажыццяўляць прафесiйную дзейнасць без выкарыстання прафесiйнай лiтаратуры: падручнiка, часопicа, прафесiйнай газеты. Магчыма, штосьцi складана чытаецца з-за таго, што нехта дрэнна валодае беларускай мовай, штосьцi не ўспрымаецца, бо мае вузкапрафесiйны кірунак. Пытанне: а што кожны з чытачоў зрабiў для таго, каб газета была блiжэй да школы, да настаўнiка, да бацькоў? Дарэчы, кожны настаўнiк атрымлiвае фiнансавую падтрымку на набыццё лiтаратуры. Сума падтрымкi — месячная падпiска на прафесійную газету.
Падпicка асноўнай перыёдыкi ў нашай установе арганiзавана праз бiблiятэку гiмназii. Кожны дзень праглядаю карэспандэнцыю да таго, як яна трапiць туды.
— Ужо 10 гадоў, як вы пераможца конкурсу “Настаўнік года Рэспублiкi Беларусь”, дарэчы, адзіны з Магілёўскай вобласці за ўсю гісторыю яго правядзення. Як сябе адчуваеце ў гэтай ролі?
— Самае небяспечнае — зоркавая хвароба. Я на яе не хварэў. У 2004 годзе перамога ў конкурсе асабліва нічога не змяніла, калі не лічыць прызначэння мяне намеснікам дырэктара ліцэя № 3, дзе я працаваў настаўнікам інфарматыкі. Прыемна, канечне, калі мяне называюць пераможцам конкурсу “Настаўнік года”. У нас вялікая колькасць настаўнікаў, якія працуюць выдатна, вынікова. Але так склаўся лёс, што перамог я. Гэта конкурс. Хто жадаў — той удзельнічаў у ім. Памятаеце, як у савецкім мультфільме “Воўка ў Трыдзявятым царстве” цар агароджу фарбаваў. А на пытанне хлопчыка, чаму ён такую не царскую работу выконвае, адказаў, што ён цар толькі казачны, а пакуль кніжка на паліцы ляжыць, ён вырашыў агароджу пафарбаваць.
Будучы дырэктарам, раблю ўсё, што і педагогі. І мне гэта падабаецца. А нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” прычапляю на важныя мерапрыемствы. Я яго зарабіў, і мне няма чаго саромецца.
— На сёння вы адзін з двух кіраўнікоў навучальных устаноў у рэспубліцы, які мае квалiфiкацыю “настаўнік-метадыст”. Навошта яна вам? Вы ж зараз больш кіраўнік, чым настаўнік.
— Дырэктар гімназіі — кіраўнік, у якога ў падначаленні настаўнікі. Складана было б працаваць кіраўніком ва ўстанове, у штаце якой вялiкая колькасць настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй, не маючы квалiфiкацыi “настаўнік-метадыст”. Я наведваю ўрокі настаўнікаў і маю поўнае права даваць рэкамендацыі, рабіць заўвагі, падказваць метады навучання. Лічу, што так павінна быць. Гэта правільна. А тое, што ў мяне як дырэктара ёсць яшчэ гаспадарка, дык на тое я маю адпаведную адукацыю. У свой час я скончыў політэхнічны тэхнікум па спецыяльнасці “Апрацоўка металаў рэзаннем”, папрацаваў фрэзероўшчыкам, інжынерам на прадпрыемстве.
— Як цікава! Значыць, спачатку вы вырашылі паспрабаваць сябе ў іншай дзейнасці. Што ж вывела на педагагічную сцежку?
— Політэхнічны тэхнікум я скончыў у 1984 годзе. У мяне быў добры заробак, але я адчуваў сябе на той рабоце, як у зачыненай прасторы.
Чаму педагогіка? Генетыка перамагла. Мае тата, мама, сястра, брат і я скончылі адзін і той жа факультэт аднаго і таго ж інстытута — фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута імя А.А.Куляшова. І мая жонка Святлана — таксама выпускніца гэтага ж факультэта, працуе намеснікам дырэктара ў школе. Настаўніцай пачатковых класаў працавала мая цётка па бацькоўскай лініі, родны дзядзька таты выкладаў дзецям рускую мову і літаратуру. Педагогамі з’яўляюцца таксама жонка майго брата і муж маёй сястры. Так што педагогіка ў мяне ў крыві.
У нас дома — малы педсавет. Шмат агульных тэм для абмеркавання, мы ўсе не абыякавыя да лёсу школы людзі. Вось і ўвесь сакрэт, чаму я стаў настаўнікам. Але я спрабаваў быць іншым. Гэта права ёсць у кожнага.
— Значыць, вы любіце перамены. А самі іх часта прапаноўваеце?
— Вітаю перамены ў выглядзе новых праектаў, рэалiзацыi цiкавых iдэй, прыцягнення ў гімназiю новых кадраў — маладых, перспектыўных настаўнiкаў, канструявання вырашэння складаных задач, мадэрнiзацыi i камп’ютарызацыi адукацыйнага працэсу i адмiнiстрацыйнай дзейнасцi.
— Кажуць, што ў школу мужчыны не ідуць, бо гэта не тая сфера, дзе можна зарабіць грошы, каб забяспечваць сям’ю. А ў вашай сям’і ўсе педагогі . Як жа вам жывецца, дазвольце пацікавіцца?
— Добра жывецца. Наша сям’я — гэта два настаўнікі, двое адносна дарослых дзяцей. Дачцэ хутка споўніцца 18 гадоў, а сыну — 23. Сын ужо працуе. Пешшу не ходзім і на вуліцы не жывём. На мора выязджаем, дазваляем сабе невялікую паездку за мяжу. Вельмi любiм Новы год, 1 верасня i 31 мая.
У калектыве нашай 3-й гімназіі працуюць 7 настаўнiкаў-мужчын. Не хачу гаварыць на тэму заробку, бо штосьці іншае трымае іх у школе: атмасфера, прафесiяналiзм, сямейныя каранi, пэўныя iдэалы, а не проста грошы.
Я без гiмназii ўжо не магу. Нават падчас адпачынку абавязкова на гадзінку-другую туды прыязджаю.
— Іншага такога выпадку не ведаю, каб у фінале Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” ўдзельнічалі два родныя браты. Гэта ваша перамога натхніла малодшага брата Івана паспрабаваць сябе ў прафесійным спаборніцтве?
— Напэўна, так. Але ўдзел у конкурсе прафесiйнага майстэрства — асабісты выбар брата, зроблены праз 7 гадоў. Іван — вельмі цікавы чалавек і выдатны спецыяліст. Мы атрымалі вопыт, набылі новых сяброў сярод настаўнікаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, выкарыстоўваем свае веды i магчымасцi ў клубе “Крыштальны журавель”.
— Канкурэнцыі паміж братамі няма?
— Няма. Мы ганарымся поспехамi адзiн аднаго, жывём у розных месцах i працуем у розных навучальных установах. У нас шмат сумесных педагагiчных праектаў. Сумесная творчасць выключае канкурэнцыю.
— Якое маеце захапленне для адпачынку ад школьных будняў і клопатаў?
— Калi выпадае свабодная хвiлiна, вельмi люблю разам са сваей сям’ёй сустракаць сяброў, вандраваць, зiмой катацца на лыжах i каньках.
Люблю рабіць розныя змены. У сваiм кабінеце раз у два гады поўнасцю перастаўляю мэблю. Нават калі яна праз пэўны час вяртаецца на папярэдняе месца — гэта ўсё роўна змены. Шмат чаго перарабілi ў гімназіі. Мэблю для адмiнiстрацыйных i школьных кабінетаў спрабую распрацоўваць сам.
Святлана КІРСАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з фотаархіва Ігара ЯКІМЕНКІ.

Па матэрыялах сайта http://forum.ng-press.by/?p=71

Вернуться назад